Перайсці да зместу

Польская сацыялістычная партыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Польская сацыялістычная партыя
Polska Partia Socjalistyczna
PPS
Выява лагатыпа
Лідар Войцех Канечны
Заснавальнік Баляслаў Ліманоўскі, Станіслаў Мендэльсон
Дата заснавання 1892
Штаб-кватэра
Краіна
Ідэалогія сацыял-дэмакратыя, дэмакратычны сацыялізм
Інтэрнацыянал Другі Інтэрнацыянал (да 1916)
Партыйны друк Robotnik[d]
Сайт ppspl.eu (польск.)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Польская сацыялістычная партыя (ППС) (пол. Polska Partia Socjalistyczna) — польская палітычная партыя сацыялістычнай левай арыентацыі, заснаваная ў лістападзе 1892 г. Была адной з найважнейшых палітычных сіл у Польшчы да 1948 г.

Дзеячы ППС да 1905 г. Злева: Баляслаў Чаркоўскі, Аляксандр Сулькевіч, Баляслаў Енджэйоўскі, Юзэф Квятэк, Валерый Славэк
Юзэф Пілсудскі, член Цэнтральнага камітэта Польскай сацыялістычнай партыі ў 1899 годзе
Ігнацы Дашынскі да 1914 года
Дэлегаты Польскай сацыялістычнай партыі (ППС) на кангрэс ІІ Інтэрнацыяналу. Лондан, 1896. Злева сядзяць: Ігнацы Масціцкі, Баляслаў Енджэёўскі, Юзaф Пілсудскі, Аляксандр Дэмбскі. Стаяць: Баляслаў Міклашэўскі, Вітольд Ёдка-Наркевіч.
Юзaф Мірэцкі — член Баявой арганізацыі ППС, пакараны смерцю ў Варшаўскай цытадэлі ў 1908 годзе.
Юзaф Пілсудcкі, рэдактар газэты «Robotnik»

Устаноўчы з’езд 1892 г. у Парыжы

[правіць | правіць зыходнік]

ППС была створана на ўстаноўчым з’ездзе, які праходзіў у Парыжы з 17 па 23 лістапада 1892 г. У ім удзельнічалі дэлегаты, якія прадстаўлялі чатыры польскія сацыялістычныя арганізацыі:

Фактычна, з’езд быў сходам асоб з розных палітычных фарміраванняў, мэтай якіх было стварэнне адзінай сацыялістычнай партыі. У выніку быў створаны Замежны саюз польскіх сацыялістаў[1].

На з’ездзе 1892 года была прынята так званая Парыжская праграма — першы палітычны дакумент Польскай сацыялістычнай партыі. У прэамбуле праграмы яе аўтары, сярод якіх найбольшую ролю меў Станіслаў Мендэльсон, падкрэслівалі сваю пераемнасць з традыцыяй польскага нацыянальна-вызваленчага руху, паўстанняў канца XVIII—XIX стст. Яны адстойвалі яе галоўную ідэю — стварэнне незалежнай польскай дзяржавы. Разам з тым адзначалася, што шляхта, якая дагэтуль была лідэрам нацыянальнага руху, страціла свае вызваленчыя патэнцыі, пайшла на кампраміс з дзяржавамі-захопнікамі з мэтай захавання сваіх прывілеяў. У той жа час у выніку развіцця капіталізму ў Польшчы сфарміраваўся новы клас — пралетарыят, які ў сваёй барацьбе за сацыяльныя правы адначасова становіцца лідэрам нацыянальнага змагання за палітычнае вызваленне Польшчы. У сувязі з гэтым сцвярджалася:

Толькі сацыялістычнае аб’яднанне, паколькі выступае прадстаўніком краёвых інтарэсаў, а не класавых прывілеяў, верна стаіць пад сцягам міжнароднай рэвалюцыйнай думкі, што імкнецца да ўсеагульнага вызвалення[2].

Парыжская праграма ўключала наступныя палітычныя пастулаты:

Самастойная дэмакратычная Рэч Паспалітая, заснаваная на наступных [прынцыпах]: прамое, усеагульнае і тайнае галасаванне; народнае заканадаўства; поўная роўнасць нацыянальнасцей, якія ўваходзяць у склад Рэчы Паспалітай на аснове добраахвотнай федэрацыі; мясцовае і правінцыйнае самакіраванне з выбарнасцю чыноўнікаў адміністрацыі; роўнасць усіх грамадзян без адрознення полу, расы, нацыянальнасці або рэлігіі; поўная свабода слова, друку, сходаў, асацыяцый; бясплатныя судовыя працэсы, выбарнасць суддзяў і судовая адказнасць чыноўнікаў; бясплатная, абавязковая, усеагульная поўная адукацыя; забеспячэнне студэнтаў адукацыйнымі сродкамі дзяржавай; ліквідацыя пастаяннага войска, усеагульнае ўзбраенне народа; прагрэсіўны падатак на прыбытак і маёмасць, а таксама падатак на спадчыну; адмена падаткаў на прадукты харчавання і прадметы першай неабходнасці[2].

Такім чынам, будучая Рэч Паспалітая бачылася як федэрацыя, заснаваная на добраахвотным аб’яднанні раўнапраўных нацый. Аднак гэтае сцвярджэнне мела дэкларатыўны характар, у ім не канкрэтызавалася, якія нацыі і на якіх прынцыпах будуць утвараць гэтую федэрацыю[3]. Дэлегаты прынялі таксама наступныя эканамічныя патрабаванні:

Працоўнае заканадаўства: васьмігадзінны працоўны дзень, фіксаваны 36-гадзінны перапынак кожны тыдзень; мінімум заработнай платы; роўная аплата працы жанчын і мужчын за роўную працу; забарона дзіцячай працы да 14 гадоў, абмежаванне працы непаўналетніх (ад 14 да 18 гадоў) да шасці гадзін у дзень; прынцыповая забарона начной працы; фабрычная гігіена; дзяржаўнае страхаванне на выпадак няшчасных выпадкаў, беспрацоўя, хваробы і старасці; фабрычная інспекцыя, якая выбіраецца самімі рабочымі; біржа працы і сакратарыят рабочых; поўная свабода працоўных пагадненняў. Паступовая сацыялізацыя зямлі, прылад вытворчасці і сродкаў сувязі[2].

Акрамя праграмы з’езд прыняў яшчэ некалькі дакументаў практычнага характару. У іх дэклараваўся намер распаўсюдзіць дзейнасць партыі на ўсе тэрыторыі, якія ў мінулым уваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай:

«у сваіх адносінах да існуючых літоўскіх і русінскіх арганізацый партыя будзе кіравацца намаганнямі стварэння адзінай палітычнай сілы з мэтай перамогі над прыгнётам, які пануе ў краі»[4].

У дачыненні да расійскіх і яўрэйскіх рэвалюцыйных арганізацый на землях Літвы і Беларусі з’езд заняў дваістую пазіцыю: з аднаго боку, дэклараваў неабходнасць сумеснай з імі барацьбы з царызмам, з другога, выступаў супраць арганізацыйнага аб’яднання з імі і асуджаў іх русіфікатарскія тэндэнцыі[4].

Пачатак палітычнай дзейнасці ППС (1892—1902)

[правіць | правіць зыходнік]

Польская сацыялістычная партыя распаўсюджвала сваёй дзейнасці на тэрыторыях усіх трох частак польскай этнічнай тэрыторыі, якія знаходзіліся пад уладай Расіі, Германіі і Аўстра-Венгрыі. Калі ў Германіі і Аўстра-Венгрыі арганізацыя ППС мела легальны статус, то ў Расійскай імперыі, дзе ўсе палітычныя партыі былі забаронены, яна дзейнічала нелегальна.

Аснову партыі ў складзе Расійскай імперыі склалі варшаўская і віленская арганізацыі. У студзені 1893 г. Вільню наведаў Станіслаў Мендэльсон, які правёў сустрэчу з групай віленскіх сацыялістаў (Юзаф Пілсудскі, Аляксандр Сулькевіч, Стэфан Беляк, Людвік Зайкоўскі), вынікам чаго стала стварэнне Літоўскай (або Віленскай) секцыі ППС[3].

І краёвы з’езд ППС адбыўся ў чэрвені 1893 года ў Панарах, каля Вільні. Галоўную ролю ў яго арганізацыі адыграла Літоўская секцыя. У з’ездзе прымалі ўдзел Юзаф Пілсудскі, Станіслаў Вайцяхоўскі, Аляксандр Сулькевіч, Стэфан Беляк і іншыя. З’езд прыняў Парыжскую праграму ППС. Было вырашана пачаць выданне газеты «Robotnik» («Рабочы»), які стаў важным інструментам партыйнай прапаганды[3]. Неўзабаве пасля з’езда ў жніўні 1893 г. адбыўся раскол і з часткі прадстаўнікоў варшаўскай арганізацыі ўзнікла Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага, якая аб’яднала сацыялістаў з інтэрнацыяналісцкай арыентацыяй, якія скептычна ставіліся да незалежніцкай пазіцыі ППС[3].

На ІІ з’ездзе ППС у лютым 1894 г. у Варшаве быў створаны Цэнтральны рабочы камітэт, у склад якога ўвайшлі Ян Строжэцкі, Юльян Грабоўскі, Юзэф Пілсудскі, Паўлін Клімовіч, і два намеснікі: Казімір Пяткевіч і Вацлаў Наакэ-Заленскі. Пасля арыштаў Яна Строжэцкага, Юльяна Грабоўскага і Паўліна Клімовіча ў жніўні 1894 г. і высылкі Вацлава Наакэ-Заленскага партыю ўзначалілі Юзаф Пілсудскі, Казімір Пяткевіч і Станіслаў Вайцяхоўскі. Нягледзячы на арышты, арганізацыя працягвала развівацца. Рабочыя камітэты былі створаны ў Варшаве, Радаме і ў гарадах Дамброўскага вугальнага басейна[5]. Акрамя таго суполкі ППС дзейнічалі сярод польскіх студэнтаў у Санкт-Пецярбургу, Маскве і Харкаве[6].

У канцы чэрвеня 1895 г. адбыўся ІІІ з’езд ППС у Панарах, каля Вільні. У яго рашэннях партыя пазіцыянавала сябе як адзіную прадстаўніцу інтарэсаў польскага рабочага класа. У выніковых дакументах сцвярджалася, што

«самым надзейным сродкам ліквідацыі царызма з’яўляецца аддзяленне ад сучаснай расійскай дзяржавы прыгнечаных народаў»[7].

ППС дэкларавала сваю падтрымку незалежніцкіх нацыянальных рухаў на тэрыторыі Расійскай імперыі. У той жачас яна выказвала свае прэтэнзіі на гегемонію ў рэвалюцыйным руху на ўсёй тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Падкрэслівалася неабходнасць пашырэння дзейнасці ППС на яе ўсходнія рэгіёны. Партыя ставіла перад сабой місію абуджэння мясцовых нацыянальных сацыялістычных рухаў у сумеснай барацьбе з царызмам пад фактычна ўласным кантролем. Прычым указвалася, што расійскія рэвалюцыйныя арганізацыі павінны прызнаць лідэрскую ролю ППС на гэтых землях[8]. У гэтым кантэксце ППС імкнулася перацягнуць уплывовыя ў рэгіёне яўрэйскія сацыялістычныя арганізацыі з пераважна расійскага пад польскі ўплыў. У абноўлены склад Цэнтральнага рабочага камітэта ўвайшлі Юзэф Пілсудскі, Аляксандр Сулькевіч і Людвік Кульчыцкі, што сведчыла пра «віленскую» дамінацыю ў кіраўніцтве партыяй[7].

З 1896 г. прадстаўнікі ППС прымалі ўдзел у кангрэсах Другога Інтэрнацыянала[9].

IV з’езд ППС, які адбыўся ў Варшаве ў лістападзе 1897 г., выказаў непрыхільнае стаўленне адносна заснавання ў тым жа годзе Бунда:

«Узяўшы пад увагу, што яўрэйскі пралетарыят можа мець пажаданні толькі супольныя з пралетарыятам нацыі, сярод якой ён пражывае; узяўшы пад увагу, што дзейнасць яўрэйскіх груп да гэтага часу, якія зараз выступаюць пад назвай „Усеагульныя яўрэйскі рабочы саюз у Расіі і Польшчы“, носіць шкодныя для руху рысы арганізацыйнай і праграмнай адасобленасці, што неаднаразова прымаюць варожую да нас пазіцыю, з’езд лічыць кірунак дзейнасці такога саюза фальшывым, тым, што адмаўляе салідарнасць з польскім і літоўскім пралетарыятам у яго барацьбе за вызваленне з-пад панавання расійскіх захопнікаў»[10].

Пазіцыя ППС у дачыненні да Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі, якая паўстала ў 1896 г., заключалася ў імкненні яе падпарадкавання гегемоніі польскага сацыялістычнага руху. Раздражненне выклікала нежаданне літоўскіх сацыял-дэмакратаў аб’ядноўвацца з ППС. Сцвярджалася, што пралетарыят Літвы з’яўляецца пераважна польска-, а не літоўскамоўным, а таму ён не мае патрэбы ў існаванні асобнай арганізацыі, бо яго інтарэсы адстойвае ППС. Найбольш прыхільнае стаўленне IV з’езд ППС выказаў у дачыненні да латышскага сацыялістычнага руху[11]. Былі таксама сфармуляваныя ранейшыя патрабаванні ў адносінах да расійскага сацыялістычнага руху: прызнанне незалежнасці Польшчы і права на самавызначэнне іншых народаў імперыі, недапушчальнасць уваходжання ў кантакты з тымі ці іншымі арганізацыямі на тэрыторыі Польшчы і гістарычнай Літвы без ведама ППС[12].

Паступова ППС узмацняла свае пазіцыі ў польскім рабочым руху, яе актывісты ўдзельнічалі ў стачках і дэманстрацыях у гарадах Каралеўства Польскага. У лютым 1900 г. царская паліцыя выкрыла друкарню «Robotnika» ў Лодзі і арыштавала членаў Цэнтральнага рабочага камітэта Юзэфа Пілсудскага і Аляксандра Маліноўскага.

Адразу пасля гэтага ў Лондане Станіслаў Вайцяхоўскі аднавіў выданне партыйнай газеты, а ў Польшчы быў створаны новы ЦРК у складзе Аляксандра Сулькевіча, Казіміра Ражноўскага, Генрыка Сарцэвіча і Фелікса Сакса. У маі 1900 г. у ППС адбыўся раскол, у выніку якога вылучылася партыя III Пралетарыят на чале з Людвікам Кульчыцкім.

ППС напярэдадні і падчас рэвалюцыі 1905—1907 гг.

[правіць | правіць зыходнік]

Пад уплывам сусветнага эканамічнага крызісу 1900—1903 гг. стаў узмацняцца рабочы і рэвалюцыйны рух у Расійскай імперыі, што выклакала ў тым ліку і актывізацыю дзейнасці ППС. У чэрвені 1902 г. у Любліне адбыўся VI з’езд, які зыходзіў з перспектывы пераўтварэння ППС у масавую партыю. Былі ўтвораны пяць аўтаномных партыйных акругаў, у тым ліку Літоўская акруга, або ППС у Літве. Яе буйнейшыя камітэты дзейнічалі ў Вільні, Гродне, Беластоку, Сувалках і Коўне[13]. З’езд у чарговы раз выказаў ідэю аб аб’яднанні пралетарыяту ўсіх народаў былой Рэчы Паспалітай у барацьбе за рэалізацыю праграмы добраахвотнай федэрацыі, падверг крытыцы «прарасійскую» дзейнасць Бунда. Разам з тым у практычнай дзейнасці арганізацыі ППС і Бунда, напрыклад у Вільні, часта дзейнічалі скаардынавана[14]. У цэлым па меры ўзмацнення рэвалюцыйнага руху ППС усё больш дэкларавала салідарнасць і гатоўнасць да супрацоўніцтва з усімі антыцарыскімі рухамі ў імперыі. Так, напрыклад, канферэнцыя Цэнтральнага рабочага камітэту ППС у чэрвені 1903 г. засведчыла прыхільнае стаўленне да Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі[15]. Прадстаўнікі Польскай сацыялістычнай партыі прынялі ўдзел у канферэнцыі расійскіх апазіцыйных і рэвалюцыйных партый у Парыжы 30 верасня — 9 кастрычніка 1904 г.[16].

Далейшы ўздым рэвалюцыйнай дзейнасці ППС адбываецца пасля пачатку руска-японскай вайны 1904—1905 гг. Актывізуецца яе ўдзел у рабочых стачках і вулічных дэманстрацыях у гарадах Каралеўства Польскага, якія прыводзілі да сутычак з войскамі і паліцыяй. Найбольш значнае сутыкненне адбылося на Гжыбоўскай плошчы ў Варшаве 13 лістапада 1904 г., у выніку якога загінула 6 дэманстрантаў, а 27 было паранена[17]. З мэтай самаабароны ў красавіку 1904 г. была створана Баявая арганізацыя ППС на чале з Ю. Пілсудскім, якая неўзабаве перашла да тактыкі індывідуальнага тэрору супраць прадстаўнікоў царскіх уладаў. Кіраўніцтва ППС ўстанавіла кантакты з уладамі Японіі, спадзеючыся атрымаць ад іх падтрымку ў сумеснай барацьбе супраць расійскага царызму. Летам 1904 г. дэлегацыя ППС на чале з Пілсудскім сустракалася з прадстаўнікаміі японскіх уладаў у Токіа, імкнучыся атрымаць фінансавую дапамогу і зброю ў замен на правядзенне разведкі і дыверсій у тыле расійскіх войскаў, але беспаспяхова[18].

ППС падтрымала рэвалюцыю 1905—1907 гг. у Расійскай імперыі. Яна ўзначаліла стачкі салідарнасці ў Каралеўстве Польскім у студзені 1905 г. Цэнтральны рабочы камітэт у сваёй адозве заклікаў польскі пралетарыят «сваімі далейшымі выступленнямі падтрымаць пачатую крывавую барацьбу расійскіх рабочых з самадзяржаўем»[19]. Барацьба з царызмам разглядалася ў кантэксце барацьбы за незалежнасць Польшчы як дэмакратычнай рэспублікі; важнае месца адводзілася таксама патрабаванням забеспячэння сацыяльна-эканамічных правоў рабочых. ППС стала найбольш моцнай і арганізаванай сілай у рэвалюцыі 1905—1907 гг. у Каралеўстве Польскім. Яе актывісты кіравалі рабочымі стачкамі і забастоўкамі, арганізоўвалі масавыя дэманстрацыі і мітынгі, бралі актыўны ўдзел у паўстанні ў Лодзі ў чэрвені 1905 г. Максімальная колькасць членаў партыі падчас рэвалюцыі складала каля 55 тыс. чалавек. Тыраж партыйнай газеты "Robotnik" у гэты час перавышаў 40 тыс. экзэмпляраў[20].

Адначасова ў партыі нарастае суперніцтва паміж дзюма плынямі, т.зв. «старымі» на чале з Пілсудскім і «маладымі». Рознагалоссі праяўляліся ў наступным:

— «старыя» строга прытрымліваліся стратэгіі барацьбы за незалежнасць Польшчы, разглядаючы супрацоўніцтва з расійскім рэвалюцыйным рухам толькі як тактычнае, у той час як «маладыя» лічылі галоўнай мэтай звяржэнне царызму, для чаго прапаноўвалі больш шчыльнае супрацоўніцтва з усімі рэвалюцыйнымі сіламі Расійскай імперыі, дапускаючы пры гэтым перспектыву аўтаноміі Каралеўства Польскага ў будучай дэмакратычнай Расіі;

— «старыя» галоўны ўпор рабілі на сілавыя метады барацьбы, разглядалі Баявую арганізацыю як зародак будучага польскага войска, у той час як «маладыя» лічылі галоўнай задачай разгортванне масавага руху (стачкі, забастоўкі і г.д.), надаючы сілавым метадам толькі дапаможную ролю.

VII з’езд ППС, які адбыўся ў лютым-сакавіку 1905 г., скончыўся пэўным кампрасісам паміж абедзьвюма групоўкамі. Сваёй задачай з’езд абвяшчаў самавызначэнне Польшчы шляхам склікання ў Варшаве Ўстаноўчага сойму на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права. Патрабаванне незалежнасці або аўтаноміі не ставілася, гэтае рашэнне пераносілася на Ўстаноўчы сойм. Было вылучана патрабаванне склікання аналагічнага сойму для гістарычнай Літвы ў Вільні. Аднак да кіраўніцтва партыяй прыйшлі лідэры «маладых» (Фелікс Кон, Павел Левінсон, Фелікс Сакс і інш.)[21]. «Старыя» сканцэнтравалі сваю дзейнасць у Баявой арганізацыі.

Пасля абвяшчэння Маніфеста 17 кастрычніка 1905 г. арганізацыі ППС на кароткі час набылі паўлегальны статус. Легальна выйшла 14 нумароў партыйнага выдання «Kurier Codzienny», пасля чаго царскія ўлады закрылі газету[22]. У момант найвышэйшага ўздыму рэвалюцыі (кастрычнік — снежань 1905 г.) ППС больш актыўна стала ўзаемадзейнічаць з расійскімі рэвалюцыйнымі партыямі. Так яна, як і Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы, падпісала Маніфест Пецярбургскага Савета рабочых дэпутатаў ад 2 снежня 1905 г. з заклікам да масавага грамадзянскага непадпарадкавання[23].

Спад рэвалюцыі ў 1906 г. прывёў да ўзмацнення рознагалоссяў у партыі. Адлюстраваннем гэтага стаў VIII з’езд ППС у Львове у лютым 1906 г., рэзалюцыі якога ў цэлым адпавядалі поглядам «маладых»[24]. Паступовае затуханне рабочага руху «старыя» імкнуліся кампенсаваць за кошт інтэнсіфікацыі тэрарыстыснай дзейнасці. К сярэдзіне 1906 г. колькасць удзельнікаў Баявой арганізацыі дасягнула 5,5 тыс. чалавек[25]. Самай гучнай яе акцыяй стала т.зв. «Крывавая серада» 15 жніўня 1906 г., калі адначасова ў 19 гарадах Каралеўства Польскага была здзейснена серыя тэрарыстычных актаў, у выніку якіх забіта 78 прадстаўнікоў царскіх уладаў, пераважна паліцэйскіх, жандараў і агентаў ахранкі[26]. Праз некалькі дзён, 18 жніўня 1906 г. быў здзейснены няўдалы замах на варшаўскага генерал-губернатара Георгія Скалона[27]. Баявая арганізацыя праводзіла і іншыя акцыі: выратаванне асуджаных з турмаў, «экспрапрыяцыі». Акрамя таго, у 1906-1907 гг. адбываліся крывавыя сутычкі паміж баявымі арганізацыямі сацыялістаў і нацыянальных дэмакратаў сярод рабочых, пераважна ў Лодзі, у выніку якіх загінулі 332 чалавекі і каля 400 было паранена[28]. Усяго на працягу 1904-1907 гг. было праведзена 2296 баявых акцый ППС[29]. У адказ царскія ўлады праводзілі жорсткія рэпрэсіі супраць актывістаў ППС.

Менавіта дыскусія вакол ролі Баявой арганізацыі прывяла да канчатковага расколу ў партыі, які адбыўся на ІХ з’ездзе ў Вене 19-25 лістапада 1906 г. Кіраўніцтва Баявой арганізацыі імкнулася да пераўтварэння яе ў аўтаномную адзінку ўнутры партыі, з чым з’езд не пагадзіўся. У выніку расколу ўтварыліся дзве асобныя партыі:

— ППС — рэвалюцыйная фракцыя, у якую ўвайшлі «старыя» на чале з кіраўніцтвам Баявой арганізацыі;

— ППС — лявіца, у якой дамінавалі «маладыя».

З 46 тыс. членаў партыі, якія налічваліся перад расколам 19,5 тыс. перайшлі ў ППС-рэвалюцыйную фракцыю, астатнія апынуліся ў складзе ППС-лявіцы[30].

Арганізацыя дзейнасці ППС на тэрыторыі Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]

У 1890-я гг. арганізацыі ППС на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю дзейнічалі ў Вільні, Беластоку і Гродне. У 1895 г. у Гродне ўзнік сацыялістычны гурток моладзі, які знаходзіўся пад уплывам ППС. Яго заснавальнікам быў Пётр Шумаў. У 1898 г. гурток далучыўся да ППС у выглядзе Гродзенскага рабочага камітэту[31]. Першапачаткова прапаганда вялася сярод рабочых-яўрэяў. Толькі ў 1900 г. П. Шумаў здолеў наладзіць прапагандыскую працу сярод каталіцкага насельнітцва Гродна. Актыўнымі дзеячамі Гродзенскага рабочага камітэту былі Мікалай Клачэўскі, Ян Сівэк, Францішак Эйдукевіч, Яніна Міхнеўская, Францішак Грабоўскі. З дапамогай апошняга Гродзенскі рабочы камітэт стварыў уласную друкарню. Працяглы час гэты камітэт быў найбуйнейшай сацыялістычнай арганізацыяй на тэрыторыі Беларусі і Літвы[7][32].

У 1901—1902 гг. суполкі ППС узніклі ў Брэсце, Слоніме, Ваўкавыску і некаторых мястэчках[33].

Пасля стварэння на VI з’ездзе Польскай сацыялістычнай партыі ў Літве ўсе адзначаныя арганізацыі ўвайшлі ў яе склад (Літва разумелася ў гістарычным сэнсе). Акружны камітэт ППС у Літве размяшчаўся ў Вільні (па іншых звестках — у Гродне). Яго органам друку стала газета «Walka», галоўным рэдактарам якой з’яўляўся Юзаф Пілсудскі. Выданне заклікала да стварэння адзінай сацыялістычнай партыі на тэрыторыі гістарычнай Літвы. Пры гэтым падкрэслівалася, што ні аб’яднанне ўсіх сацыялістычных партый, ні іх саюз з ППС у Каралеўстве Польскім не вызначаюць формы будучага дзяржаўна-палітычнага ладу рэгіёна. Аднак ні Бунд ні РСДРП не адрэагавалі на гэтыя прапановы[33].

На аснове пастановаў VI з’езда акружны камітэт ППС у Літве атрымаў паўнамоцтвы па выданні прапагандысцкай літаратуры на мясцовых мовах. Польскія сацыялісты ўжо мелі пэўны вопыт у гэтай галіне. Паводле даследаванняў Юрыя Туронка, польскія сацыялісты дапамаглі пераправіць праз мяжу і распаўсюдзіць кракаўскае выданне «Дудкі беларускай» Францішка Багушэвіча, а таксама агітацыйны ананімны твор «Дзядзька Антон». У 1902—1903 гг. у лонданскай друкарні ППС былі выдадзены тры брашуры на беларускай мове лацінкай: «Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць», «Як зрабіць, каб людзям стала добра на свеце», «Хто праўдзівы прыяцель беднага народу», а таксама зварот да сельскагаспадарчых рабочых са Скідзеля «Да браці мужыкоў»[34][35].

Пасля з’яўлення інфармацыі аб правядзенні з’езда для ўтварэння Беларускай рэвалюцыйнай партыі ў 1902 г. ППС вызначыла на яго дэлегацыю з інструкцыяй, у якой выказваліся сімпатыі да беларускага нацыянальнага руху, а таксама пажаданне, каб той імкнуўся да незалежнасці і аднаўлення федэрацыі з Польшчай. Адначасова сцвярджалася, што

«ППС лічыць сябе маючай права ўплываць на беларускае насельніцтва даступнымі ёй сродкамі, якія не супярэчаць прынцыпам і мэтам Беларускай сацыялістычнай арганізацыі»[33].

Стаўленне ППС да Беларускай сацыялістычнай грамады было неадназначным. З аднаго боку, дэкларавалася падтрымка, аказвалася дапамога ў выданні прапагандысцкай літаратуры. З другога, ППС імкнулася кантраляваць беларускі сацыялістычны рух, вызначаць яго мэты (у гэтай сувязі непакой магла выклікаць першая праграма БСГ 1903 г., у якой адсутнічала палажэнне аб федэрацыі Беларусі з Польшчай). Член Цэнтральнага рабочага камітэта ППС Вітальд Ёдка-Наркевіч у другім (люты) нумары за 1903 г. часопіса «Przedświt» у артыкуле «З нагоды беларускай адозвы» выказаў свае рэфлексіі адносна адозвы «Да інтэлігенцыі», выдадзенай ад імя Беларускай рэвалюцыйнай партыі ўвосень 1902 г., дзе галоўная ўвага прысвячалася важнасці культурна-асветніцкай працы сярод беларускага насельніцтва. З аднаго боку, ён выказаў падтрымку ад імя ППС працэсам фарміравання беларускай нацыі са сваёй літаратурнай мовай, пісьменствам, інтэлігенцыяй, школьніцтвам і г.д. З другога боку, сцвярджаў, што

«што пэрспэктывы ператварэньня гэтага народу ў нацыю прынамсі ў сёньняшніх палітычных варунках вельмі малыя»[36].

Задача ўзнікшага беларускага сацыялістычнага руху павінна заключацца, на думку В. Ёдкі-Наркевіча, у рэвалюцыйнай прапагандзе сумесна з польскімі дзеячамі, а не ў «этнаграфічных гульнях». На яго думку, такая прапаганда на роднай мове створыць больш трывалыя падставы для развіцця нацыянальнай самасвядомасці, чым чыста культурна-асветніцкая дзейнасць:

«Таму сапраўдны беларускі патрыёт ня можа абмежавацца зьбіраньнем народных казак, сьпеваў і замоў, дасьледаваньнем граматыкі, але павінен займацца разьвіцьцём сьвядомасьці гэтага народу, тлумачыць яму, што яго эксплюатуюць і ўціскаюць, і ствараць зь яго адну вялікую палітычную сілу, якая б здолела заваяваць сабе лепшую будучыню. Мы зусім не пярэчым, што нацыі, якая мае ўласную інтэлігенцыю, жывецца лепей, чым народу, які стаіць на ўзроўні беларускага народу, але пачатак грамадзкай дзейнасьці з стварэньня гэтай інтэлігенцыі сярод народу, які ня мае самых асноўных людзкіх правоў і стаіць на гэтак нізкім узроўні культуры, як беларускі народ, было б будаваньнем замку на пяску. А калі цяпер зьвярнуць увагу на тое, што пашырэньне грамадзкай сьвядомасьці сярод карэннага беларускага насельніцтва павінна адбывацца на беларускай мове, што вымагае як дасканалых ведаў самой мовы, так і стварэньня ўсёй літаратуры — брашур, кніжак, часопісаў, — то мы прыйдзем да перакананьня, што такая дзейнасьць, якую рэкамэндуем мы (г.зн. выданьне агітацыйнай літаратуры на беларускай мове. — Ю. Т.), будзе больш плённай з нацыянальнага пункту гледжаньня, чымся праца, прапанаваная аўтарамі адозвы. Сацыялістычную брашуру, умела напісаную, чытаюць тысячы, часам дзясяткі і сотні тысяч людзей, адначасова ўпэўніваючыся ў веданьні роднай мовы, тады як збор этнаграфічных дасьледаваньняў нават у культурных краінах разыходзіцца часам толькі ў дзясятках асобнікаў. Таму рэвалюцыянэр, які працуе для народу, тым самым спрычыняецца да стварэньня матэрыялу для будучай нацыі»[36].

У ажыццяўленні сваіх планаў адносна беларускага руху кіраўнікі ППС маглі разлічваць на створаную ў 1904 г. Сацыялістычную партыю Белай Русі (СПБР). Яе аснову склалі члены Гродзенскай арганізацыі ППС у Літве і некаторыя прадстаўнікі Варшаўскага камітэту ППС: Мар'ян Фальскі, Францішак Завадскі, Станіслаў і Казімір Трускоўскія, Браніслаў Шушкевіч і інш. Новая партыя мела свае арганізацыі толькеі там, дзе існавалі камітэты ППС: у Гродне, Вільні, Мінску. У Гродне была створаная друкарня СПБР, якой займаліся актывісты ППС, бліжэйшыя супрацоўнікі Пілсудскага Валеры Славэк і Аляксандр Прыстар. На думку Юрыя Туронка, галоўнай мэтай СПБР было наладжванне цеснага супрацоўніцтва з БСГ з наступным аб’яднаннем абедзвюх партый, каб узмацніць уплыў ППС на беларускіх сацыялістаў[37].

Дзейнасць ППС у Літве значна актывізавалася падчас рэвалюцыі 1905—1907 гг. Яе Гродзенскі камітэт разам з арганізацыяй Бунда кіравалі ўсімі рэвалюцыйнымі акцыямі ў горадзе: стачкамі, дэманстрацыямі. На пачатку 1906 г. пры Гродзенскім камітэце была створана баявая арганізацыя ў складзе каля 70 чалавек[38]. Аналагічна кааліцыя ППС у Літве і Бунда кіравала рэвалюцыйным рухам у Брэсце[39].

Рашэнні VIII з’езда партыі ў лютым 1906 г. павысілі самастойнасць ППС у Літве. З гэтага часу яна стала дзейнічаць фактычна як самастойная партыя. Яна падтрымлівала партыйны лозунг ППС аб скліканні ўстаноўчым соймаў асобна для Каралеўства Польскага ў Варшаве і для земляў гістарычнай Літвы — у Вільні. Гэтае патрабаванне садзейнічала яе збліжэнню з Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыяй (ЛСДП). З ёй, а таксама з БСГ вяліся перамовы аб стварэнні сумеснай арганізацыі. Ад БСГ кантакты з ППС у Літве вялі Антон Луцкевіч, Аляксандр Уласаў і Вацлаў Іваноўскі. Аднак, паводле ўспамінаў Антона Луцкевіча, пагаднення не ўдалося дасягнуць з-за рознагалоссяў па аграрным пытанні: БСГ настойвала на больш радыкальнай аграрнай рэформе[40]. Разам з тым ППС у Літве і БСГ актыўна супрацоўнічалі на практычным узроўні. ППС у Літве падтрымлівала прапагандысцкую дзейнасць БСГ, даючы для друку некаторых беларускіх адозваў свае друкарні. Абедзьве партыі супрацоўнічалі пры арганізацыі стачкі работнікаў шпіталю ў Новай Вілейцы (жнівень 1905 г.), усеагульнай палітычнай стачцы ў Вільні (снежань 1905 г.)[37].

На канферэнцыі 1906 г. у Вільні было вырашана пераўтварыць ППС у Літве ў Сацыял-дэмакратычную партыю Літвы. У лістападзе 1906 г., на фоне расколу ў ППС, адбылося аб’яднанне цэнтральных камітэтаў ЛСДП і СДПЛ (былой ППС на Літве), а таксама рэгіянальных арганізацый у Вільні, Коўне і Панявежы. У новы склад ЦК ад ППС у Літве увайшлі Пётр Шумаў, Казімір Пяткевіч, Вітальд Абрамовіч і інш. Канчатковае аб’яднанне адбылося на з’ездзе ў Кракаве ў жніўні 1907 г. Такім чынам, ППС у Літве спыніла сваё існаванне. Яе намаганні да кіруючай ролі ў рэвалюцыйным руху Літвы і Беларусі ў выніку прывялі да супрацьлеглага выніку — растварэння ў літоўскай сацыял-дэмакратыі[40].

ППС пасля расколу

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля расколу ў 1906 г. сталі існаваць дзве асобныя партыі са сваімі асобнымі структурамі.

Польская сацыялістычная партыя — Рэвалюцыйная фракцыя канчаткова аформілася на сваім І (Х) з’ездзе 3-11 сакавіка ў Вене, дзе была прынятая праграма, аўтарам якой з’яўляўся Фелікс Пэрль. У асноўных рысах яна паўтарала Парыжскую праграму; толькі больш акцэнтавана рабіўся націск на неабходнасць здабыцця незалежнасці Польскай рэспублікі. Узнаўлялася ранейшая ідэя ППС аб падтрымцы нацыянальных рухаў Расійскай імперыі ў накірунку да іх максімальнай сепарацыі[41][42]. Сярод лідэраў партыі вылучаліся Юзаф Пілсудскі, Вітальд Ёдка-Наркевіч, Леан Васілеўскі, Валеры Славэк. Буйнейшыя асяродскі партыі дзейнічалі ў Лодзі, Варшаве, Чэнстахове, Дамброўскім вугальным басейне. У першыя гады свайго існавання ППС — Рэвалюцыйная фракцыя працягвала нелегальную і тэрарыстычную дзейнасць на тэрыторыі Расійскай імперыі. Толькі ў 1907 г. яе баявікамі былі забітыя 181 царскі чыноўнік, у тым ліку 45 паліцэйскіх, праведзены 92 «экспрапрыяцыі» для здабыцця фінансавых сродкаў[43]. Адной з апошніх гучных акцый ППС — Рэвалюцыйнай фракцыі стала абрабаванне паштовага цягніка на чыгуначнай станцыі Безданы каля Вільні 26 верасня 1908 г., якую ажыццявіла група баявікоў на чале з Юзафам Пілсудскім[44]. Аднак к 1909 г. ва ўмовах завяршэння рэвалюцыі царскім уладам з дапамогай жорскіх рэпрэсій і шырокага выкарыстання агентурна-правакатарскай дзейнасці ўнутры партыі ўдалося разграміць яе падпольныя структуры.

На ІІ (ХІ) з’ездзе партыі 25-28 жніўня 1909 г. ў Вене была вернута ранейшая назва «Польская сацыялістычная партыя». З таго часу партыя перанесла сваю дзейнасць пераважна ў Галіцыю, дзе займалася стварэннем больш шырокай кааліцыі польскіх незалежніцкіх сіл і падрыхтоўкай парамілітарных фарміраванняў. У 1912—1914 гг. яна перажыла часовы раскол, калі самастойна дзейнічала адасобленая ППС — Апазіцыя[45].

ППС — Лявіца канчаткова аформілася на сваім І (Х) з’ездзе ў студзені 1908 г. у Цешыне. Лідэрамі партыі былі Фелікс Кон, Максімільян Горвіц-Валеўскі, Феліск Сакс, Павел Левінсон, Марыя Кашуцкая. Галоўныя партыйныя асяродкі дзейнічалі ў Варшаве, Лодзі і Дамброўскі вугальным басейне. Партыйная праграма ў асноўным паўтарала тэзісы Парыжскай праграмы, але патрабаванне незалежнасці Польшчы было заменена на патрабаванне яе аўтаноміі. Такая пазіцыя была абгрунтавана яшчэ на ІХ з’ездзе ППС, калі адбыўся раскол:

«Цяперашні раскол — вынік працяглай унутранай барацьбы, якая раздзірае нашу партыю з самага пачатку рэвалюцыі. Гэтыя ўнутраныя канфлікты вынікалі з вялікіх разыходжанняў паміж таварышамі па партыі ў іх поглядах на рэвалюцыю ў Расійскай дзяржаве і нашым стаўленні да яе. (…) Для прыхільнікаў „старога“ кірунку Руская рэвалюцыя прадстаўляецца толькі як зручная магчымасць распачаць барацьбу за аддзяленне Каралеўства Польскага ад Расіі. Тым часам „малады“ кірунак палічыў дасягненне нацыянальнай незалежнасці ў ходзе цяперашняй рэвалюцыі супраць царскага рэжыму немагчымым. (…) Што тычыцца незалежнай, дэмакратычнай Польскай рэспублікі, якая ахоплівае тры цяперашнія падзеленыя часткі Польшчы (расійскую, аўстрыйскую і прускую), то „малады“ кірунак не адмаўляецца ад гэтага ідэалу, але прызнае, што ён можа быць рэалізаваны толькі працоўным класам кожнай з падзеленых краін Польшчы, які дзейнічае разам з пралетарыятам тых дзяржаў, якія яе падзялілі, змагаючыся за ўсталяванне там цалкам дэмакратычнага, рэспубліканскага ладу. Ні ў якім разе незалежнасць не можа быць дасягнута шляхам „нацыянальных паўстанняў“, накіраваных на аддзяленне сілай зброі той ці іншай часткі Польшчы ад дзяржавы, якая яе падзяліла»[46].

Ва ўмовах згасання рэвалюцыі ў Каралеўстве Польскім ППС-Лявіца спалучала нелегальную дзейнасць з легальнай у прафсаюзах, кааператывах і культурна-асветніцкіх арганізацыях; Баявая арганізацыя пры партыі згарнула сваю дзейнасць[47]. Яе дзеячы прымалі ўдзел у выбарах у ІІІ і IV Дзяржаўную Думу Расійскай імперыі пры падтрымцы расійскіх сацыял-дэмакратаў. Яе прадстаўнік Яўген Ягела ў 1912 г. быў абраны дэпутатам IV Думы ад Варшавы[48].

З пачаткам Першай сусветнай вайны ў 1914 г. ППС — Рэвалюцыйная фракцыя у складзе кааліцыі польскіх партый і арганізацый выступіла на баку Аўстра-Венгрыі. Яе прадстаўнікі ўключыліся ў фарміраванне ваенных адзінак. Юзаф Пілсудскі з пачаткам вайны выйшаў з партыі, цалкам сканцэнтраваўшыся на ваенных справах, але працягваў карыстацца аўтарытэтам і захоўваў уплыў у ППС — Рэвалюцыйнай фракцыі. Члены партыі далучаліся да тайнай Польскай вайсковай арганізацыі, створанай Пілсудскім. У той жа час ППС-Лявіца выступала з антываенных пазіцый; яе прадстаўнікі ўдзельнічалі ў Цымервальдскай 1915 г. і Кінтальскай 1916 г. канферэнцыях, арганізаваных антываеннымі сацыялістычнымі дзеячамі Еўропы.

Пасля акупацыі аўстра-германскімі войскамі Каралеўства Польскага ў 1915 г. на яго тэрыторыі пачалі адраджацца суполкі ППС — Рэвалюцыйнай фракцыі, якія сталі дзейнічаць легальна. У студзені 1916 г. у Пётркаве адбыўся ХІІ з’езд партыі з удзелам прадстаўнікоў ППС у Германіі. З’езд выступіў з патрабаваннем устанаўлення незалежнай Польшчы як дэмакратычнай рэспублікі[49]. Адзін з лідэраў ППС Рэвалюцыйнай фракцыі Вітальд Ёдка-Наркевіч у брашуры пад назвай «Германія і Польшча» (Цюрых, 1916) прапагандаваў стварэнне польскай дзяржавы пад германскім пратэктаратам, у якую б увайшлі землі Каралеўства Польскага, а таксама Літвы, Віленскай, Гродзенскай і часткова Мінскай губерняў, значную частку насельніцтва якіх складалі палякі[50]. У гэты ж час невялікія суполкі партыі адраджаюцца на Віленшчыне[51].

Пасля абвяшчэння акту 5 лістапада 1916 г. аб утварэнні Польскай дзяржавы ППС накіравала ў Часовы ўрад свайго прадстаўніка Ўладзіміра Куноўскага ў якасці кіраўніка дэпартамента працы. Аднак у ліпені 1917 г. той пакінуў урад у перыяд «прысяглага крызісу», пасля чаго ППС перайшла ў апазіцыю да аўстра-германскіх акупантаў і іх прыхільнікаў[52].

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. легалізавалася дзейнасць структур абедзвюх ППС на тэрыторыі Расійскай дзяржавы. Вясной 1917 г. яны разам з арганізацыямі Сацыял-дэмакратыі Каралеўсства Польскага і Літвы часова аб’ядналіся ў рамках Польскага сацыялістычнага аб’яднання, якое, аднак, хутка распалася[53]. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. кіраўніцтва ППС — Лявіцы ўсё больш пачало збліжацца з бальшавікамі, яе прадстаўнікі ўваходзілі ў склад Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. ППС — Рэвалюцыйная фракцыя адмежавалася ад бальшавікоў, хаця шэраг яе актывістаў прымалі ўдзел у дзейнасці Саветаў, Чырвонай гвардыі, рэвалюцыйных камітэтаў[54].

У 1918 г. абедзьве ППС актыўна ўдзельнічалі ў рабочым руху, а таксама ў акцыях супраць аўстра-германскіх акупантаў на тэрыторыі Польшчы[55]. 15-17 верасня 1918 г. адбыўся апошні нелегальны XIV з’езд ППС — Рэвалюцыйнай фракцыі. У яго рэзалюцыі сцвярджалася, што капіталістычны свет знаходзіцца на парозе сацыяльнай рэвалюцыі, і гучаў заклік да аб’яднання ўсіх сацыялістычных сіл для барацьбы за ўладу; адзначаўся колькасны рост партыі і звязаных з ёй прафсаюзаў[56].

ППС у міжваеннай Польшчы

[правіць | правіць зыходнік]
Камень у памяць пра дэманстрацыю ППС 13 лістапада 1904 года на плошчы Гжыбоўскага ў Варшаве

ППС адыграла найбольш значную ролю ў фарміраванні структур Польскай Рэспублікі пасля Першай сусветнай вайны. 7-14 лістапада 1918 г. ППС стала асновай левай кааліцыі, якая склала Часовы народны ўрад Рэспублікі Польшча на чале з Ігнацыем Дашынскім (3 міністры ад ППС — Рэвалюцыйнай фракцыі) і ўрад Енджэя Марачэўскага (17 лістапада 1917 — 16 студзеня 1918 г., 6 міністраў ад ППС — Рэвалюцыйнай фракцыі, 1 міністр ад ППС — Лявіцы). Урад Енджэя Марачэўскага ўсталяваў 8-гадзінны працоўны дзень і 46-гадзінны працоўны тыдзень, увёў дэкрэты аб інспекцыі працы, прафсаюзах і дэкрэт аб абавязковым страхаванні работнікаў па хваробе. Быў уведзены мараторый на жыллё для беспрацоўных, забарона на павышэнне арэнднай платы за адна- і двухпакаёвыя кватэры вышэй за ўзровень чэрвеня 1914 года і абмежаванні на высяленне[57].

Абедзьве ППС адыгралі важную ролю ў арганізацыі і дзейнасці з лістапада 1918 г. да мая 1919 г. Радаў рабочых дэлегатаў. На люты 1919 г. прадстаўнікамі ППС былі 868 з 2357 дэлегатаў Радаў[58]. У гэты час адедзьве партыі прайшлі рэарганізацыю. На з’ездзе 27-28 красавіка 1919 г. ППС — Рэвалюцыйная фракцыя аб’ядналася з германскай ППС і Польскай сацыял-дэмакратычнай партыяй Галіцыі і Цешынскай Сілезіі ў адзіную Польскую сацыялістычную партыю. ППС-Лявіца зблізілася з Сацыял-дэмакратыяй Каралеўства Польскага і Літвы, якія на супольным з’ездзе 16 снежня 1918 г. аб’ядналіся ў Камуністычную рабочую партыю Польшчы. Толькі арганізацыя ППС-Лявіцы ў Лодзі далучылася да ППС.

На выбарах ва Ўстаноўчы сойм Польскай Рэспублікі 26 студзеня 1919 г. ППС атрымала 9 % галасоў выбаршчыкаў і 35 месцаў у парламенце[59], што было прызнана паражэннем. У кааліцыйны ўрад Ігнацыя Яна Падарэўскага (студзень — снежань 1919 г.) ўвайшоў толькі адзін міністр ад ППС. Летам 1919 г. ад ППС адкалолася левае крыло на чале з Тадэвушам Жарскім і Янам Ланды, што ўтварыла асобную партыю «ППС — Апазіцыя», большасць членаў якой у жніўні 1920 г. далучылася да Камуністычнай рабочай партыі Польшчы.

Fragment łódzkiego muralu o Rewolucji 1905 roku z widoczną flagą Polskiej Partii Socjalistycznej.
Фрагмент фрэскі ў Лодзі, прысвечанай рэвалюцыі 1905 года, на якой бачны сцяг Польскай сацыялістычнай партыі.

Падчас польска-савецкай вайны 1920 г. ППС, нягледзячы на ваганні, далучылася да ўрада нацыянальнай абароны Вінцэнта Вітаса (ліпень 1920 — верасень 1921 г.), у якім Ігнацы Дашынскі заняў пасаду намесніка прэм’ер-міністра, а Норберт Барліцкі увайшоў у склад Дзяржаўнай рады абароны. У жніўні 1920 г. ППС арганізавала Рабочы камітэт абароны Варшавы і Рабочы полк абароны Варшавы. Многія актывісты ППС удзельнічалі ў баявых дзеяннях у складзе рэгулярных частак і ў дыверсійных аперацыях у тыле Чырвонай Арміі. Падчас баёў загінуў Аляксандр Напёркоўскі, дэпутат Устаноўчага сойма ад ППС[60].

Да сярэдзіны 1921 г. ў ППС налічвалася каля 55 тыс. членаў[61]. ППС традыцыйна ўдзельнічала ў прафсаюзным і кааператыўным рухах, а ў сферу яе ўплыву ўваходзілі таксама такія арганізацыі, як Таварыства рабочых універсітэтаў, Чырвоныя скаўты, Класавыя прафсаюзы і Саюз незалежнай сацыялістычнай моладзі.

На парламенцкіх выбарах 1922 г. ППС атрымала 10,3 % галасоў і 41 дэпутацкае месца ў Сойме, а таксама 8,4 % галасоў і 7 месцаў у Сенаце[62]. Пасля абрання Соймам першага прэзідэнта Польскай Рэспублікі Габрыэля Нарутовіча ППС падтрымала яго, яе актывісты ўдзельнічалі ў шматлікіх дэманстрацыях і сутычках з эндэкамі ў Варшаве. Ян Калушэўскі, сцяганосец ППС, быў забіты падчас вулічных баёў 11 снежня 1922 г.[63] Пасля забойства Габрыэля Нарутовіча 18 снежня 1922 г. ППС падтрымала на выбарах прэзідэнта ў Сойме Станіслава Вайцяхоўскага (былога члена ППС, які на той момант уваходзіў у партыю «Польскі народны саюз — Пяст»), а таксама падтрымала беспартыйны ўрад генерала Уладзіслава Сікорскага (снежань 1922 — маё 1923 г.). Аднак пасля яго падзення і фарміравання ў маі 1923 года правацэнтрысцкага ўрада Вінцэнта Вітаса перайшла ў апазіцыю да ўрада. Ва ўмовах вострага эканамічнага крызісу восені 1923 г. дзеячы ППС актыўна удзельнічалі ў выступленнях рабочых. 5 лістапада 1923 г. ППС і блізкая да яго Цэнтральная камісія класавых прафсаюзаў абвясцілі усеагульную стачку, супраць якой урад накіраваў войска. У Кракаве, Барыславе і Тарнаве адбыліся сутыкненні, у выніку якіх загінулі як вайскоўцы, так і рабочыя. У рэшце рэшт гэтыя прывялі да падзення ўрада Вінцэнта Вітаса ў снежні 1923 г. Аднак ППС заставалася ў апазіцыі таксама і новага правацэнтрысцкага ўрада Ўладзіслава Грабскага (снежань 1923 — лістапад 1925 г.).

У лістападзе 1925 г. быў сфарміраваны шырокі кааліцыйны ўрад на чале з Аляксандрам Скшыньскім ў удзелам як правых, так і левых сіл. Ад ППС ва ўрад увайшлі Енджэй Марачэўскі, а потым Норберт Барліцкі (міністра грамадскіх работ) і Браніслаў Зяменцкі (міністр працы і сацыяльнага забеспячэння). З-за нязгоды з антысацыяльнай палітыкай урада члены ППС выйшлі з яго складу 20 красавіка 1926 г., што прывяло да ўрадавага крызісу. У гэтых умовах ППС падтрымала майскі пераварот Юзафа Пілсудскага. Прафсаюз чыгуначнікаў, звязаны з партыяй, арганізаваў 13 мая 1926 г. стачку, якая перашкодзіла перакінуць верныя ўраду Вінцэнта Вітаса войскі з Вялікай Польшчы ў Варшаву. Цэнтральны выканаўчы камітэт ППС заклікаў да ўсеагульнай стачкі. Газета «Robotnik» абвясціла пераварот рэвалюцыяй ваеннай дэмакратыі[64]. У першы ўрад Юзафа Пілсудскага, створаны ў кастрычніку 1926 г. увайшоў прадстаўнік ППС Енджэй Марачэўскі ў якасці міністра грамадскіх работ.

Дэпутаты ППС у парламенцкім буфеце каля 1926 года: Адам Прагер, Енджэй Марачэўскі, Норберт Барліцкі, Марыян Маліноўскі і Раймунд Явароўскі . Марачэўскі і Явароўскі былі ініцыятарамі расколу, які прывёў да стварэння ППС — былой Рэвалюцыйнай фракцыі — у 1928 годзе.

У той жа час устанаўленне аўтарытарнага санацыйнага рэжыму хутка выклаікала расчараванне сярод дзеячоў ППС. Ужо ў чэрвені 1926 г. адкалолася левае крыло партыі, якое выступала супраць супрацоўніцтва з урадам Пілсудскага і ўтварыла Польскую сацыялістычную партыю — Лявіца (дзейнічала ў 1926—1931 гг.)[65].

Дзейнасць мясцовых арганізацый ППС у 1920 годзе

У маі 1927 г. ППС перайшла ў апазіцыю. Гэта прывяло да спрэчак унутры ППС. Гэта выклікала новы раскол у партыі. Енджэй Марачэўскі не падпарадкаўваўся рашэнню партыі аб выхадзе з урада, што прывяло да яго выключэння з ППС. Прыхільнікі супрацоўніцтва з санацыйным рэжымам у кастрычніку 1928 г. утварылі асобную партыю «Польская сацыялістычная партыя — ранейшая Рэвалюцыйная фракцыя» на чале з Раймундам Явароўскім[66]. Гэтая партыя праіснавала да верасня 1939 г., але не мела значнага ўплыву.

На парламенцкіх выбарах 1928 г. ППС атрымала 13% галасоў выбаршчыкаў і 64 дэпутацкія месцы ў Сойме, а таксама 11,2% галасоў выбаршчыкаў і 10 дэпутацкіх месцаў у Сенаце[67]. З 1929 г. ППС была найбуйнейшай сілай у блоку апазіцыйных левых і цэнтрысцкіх партый, т.зв. Цэнтралеве. Пасля роспуску Сойма Юзафам Пілсудскім 30 жніўня 1930 г. у верасні таго ж года многія лідэры і актывісты партыі былі арыштаваныя. Шэсць партыйных лідэраў (Герман Ліберман, Норберт Барліцкі, Станіслаў Дзюбуа, Мечыслаў Мастэк, Адам Прагер,Адам Цёлкаш) былі асуджаныя на тэрміны 2,5 — 3 гадоў зняволення на так званым Брэсцкім працэсе, які адбываўся ў кастрычніку 1931 — лютым 1932 г.[68].

Прапагандысцкі аўтамабіль ППС падчас выбараў у Варшаўскую гарадскую раду ў міжваенны перыяд.
Акцыя пратэсту ППС з імправізаванай магілай невядомага рабочага ў міжваенны перыяд

Нягледзячы на гэта, ППС прымала ўдзел у парламенцкіх выбарах у лістападзе 1930 г., якія адбываліся ва ўмовах рэпрэсій і фальсіфікацый, у межах спісу Цэнтралеву. Гэты спіс, паводле афіцыйных вынікаў, атрымаў 13 % галасоў выбаршчыкаў і 79 месцаў у Сойме, з якіх ППС атрымала 24 месцы[69].

Парламенцкія выбары ў 1935 і 1938 г. у сувязі з іх антыдэмакратычным характарам былі байкатаваныя ППС. У 1930-я гг. дзеячы ППС актыўна ўдзельнічалі ў шматлікіх палітычных акцыях супраць санацыйнага рэжыму, а таксама ў рабочым руху. Агульныя ўмовы садзейнічалі радыкалізацыі партыйнай пазіцыі. На ХХІІІ з’ездзе ППС у лютым 1934 г. быў прыняты лозунг барацьбы за стварэнне «рабоча-сялянскага ўрада»[70]. Пад уплывам заходнееўрапейскіх ўзораў набыла папулярнасць ідэя стварэння адзінага фронта левых сіл у барацьбе супраць дыктатуры. У лютым 1937 г. адбыўся апошні перадваенны XXIV з’езд ППС. Ён абраў кіраўніцтва партыі на чале з Зыгмунтам Жулаўскім. З’езд прыняў праграму, вядомую як «Радамская праграма». У ёй ставілася задача пераходу да сацыялістычнай Польшчы ва ўмовах агульнага крызісу капіталізму і пагрозы фашызму. У гэтым кантэксце праект рабоча-сялянскага ўраду разглядаўся як панацэя супраць непазбежнай фашызацыі. Задачы гэтага ўраду павінны былі вырашыць карэнныя сацыяльныя праблемы: ліквідацыя буйной зямельнай уласнасці, нацыяналізацыя буйной прамысловасці, гандлю, крэдытна-фінансавай сферы, камунікацый, пашырэнне працоўных правоў і гарантый, дэмакратыхацыя палітычнай сістэмы[71]. Непасрэдна перад Другой сусветнай вайной у ППС было каля 35 тыс. членаў[72].

Стаўленне да беларускага пытання

З самага пачатку свайго існавання ППС дэкларавала федэралісцкі падыход у вырашэнні ўзаемаадносін з народамі Літвы, Беларусі і Ўкраіны, якія жылі на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Незадоўга да абвяшчэння незалежнасці Польскай Рэспублікі федэралісцкай праграма была пацверджана ў рашэннях ХІІІ з'езда партыі ў студзені 1918 г.[73]. Але ў цэлым для дзеячоў ППС было ўласцівае скептычнае стаўленне да перспектыў станаўлення беларускай дзяржавы, а таксама прызнанне польскага характару каталіцкай часткі заходнебеларускіх земляў[73]. Апошнюю думку адстойваў, у прыватнасці, знаўца нацыянальнага пытання ў ППС Леан Васілеўскі, які ў 1918-1919 гг. займаў пасаду міністра замежных спраў Польскай Рэспублікі ва ўрадзе Марачэўскага. У снежні 1918 г. ён адзначаў[74]:

"Тыя краіны, якія былі звязаныя з Польшчай этнаграфічна, культурна, павінны быць звязаныя з ёй такім ці іншым чынам, з адкіданнем усіх уяўленняў, быццам мы захопнікі, што хочуць гвалтам навязваць сваю волю, зусім наадварот, мы хочам дзейнічаць згодна з польскай традыцыяй - вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі, каб нічога не згубілася з гэтай культурнай спадчыны, якая існуе і мае шанцы на жыццё"[75].

Для беларускага насельніцтва ў новапаўсталай польскай дзяржаве ён дапускаў толькі нацыянальна-культурную аўтаномію[76].

У маніфесце ППС у сакавіку 1919 г. сярод польскіх земляў былі названы Вільня і Львоў, пад чым разумеліся вялікія тэрыторыі Віленшчыны і Галічыны. Пазіцыя адносна земляў Літвы і Беларусі была супярэчлівай: з аднаго боку, прызнавалася права народаў на самавызначэнне, з другога, сцвярджалася неабходнасць звязаць гэтыя землі з Польшчай. Адзін з лідэраў партыі Тадэвуш Галаўко паспрабаваў патлумачыць гэтую супярэчнасць наступным чынам: беларусы ў актуальны момант не склаліся як нацыя, а ўяўляюць з сябе "этнаграфічную масу", каталіцкая частка якой схіляецца да Польшчы, а праваслаўная да Расіі, няздольную да дзейнасці ў якасці самастойнага суб'екта. Місія Польшчы заключаецца ў тым, каб стварыць беларускі народ, які ў будучыні змог бы займець уласную дзяржаву, але ў федэратыўнай сувязі з Польшчай, Літвой і Украінай, магчыма Латвіяй і Эстоніяй[76]. Некалькі іначай праблему стварэння федэрацыі разглядаў Фелікс Пэрль. На тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага ён вылучаў тры тэрыторыі: гістарычная Літва з цэнтрам у Коўне, польская Літва з цэнтрам у Вільні і беларуская Літва з цэнтрам у Мінску. Прапаноўвалася склікаць у кожнай з частак тры соймы, якія б выказаліся наконт федэрацыі, і правядзенне рэферэндумаў пад міжнародным кантролем[76]. Найбольш актыўна праграма федэрацыі прапагандавалася ППС падчас савецка-польскай вайны[77].

У 1918-1923 гг. на Віленшчыне дзейнічала аўтаномная Польская сацыялістычная партыя Літвы і Беларусі. Яе кіраўніком быў Аляксандр Заштаўт. У перыяд існавання Сярэдняй Літвы (1920-1922) яна выступала за далучэнне да Польскай Рэспублікі, але з захаваннем аўтаноміі[78]. Пасля стварэння Сярэдняй Літвы 12 кастрычніка 1920 г. Аляксандр Заштаўт увайшоў у склад Часовай кіруючай камісіі на пасаду дырэктара Дэпартамента сувязі і грамадскіх работ[79]. На выбарах у Сойм Сярэдняй Літвы ў 1922 г. партыя атрымала толькі 2,23% галасоў выбаршчыкаў і два дэпутацкія месцы[80]. У Сойме ППС Літвы і Беларусі здолела арганізаваць фракцыю ў складзе трох дэпутатаў на чале з Аляксандрам Заштаўтам[81]. ППС разам з Польскім народным саюзам - Вызваленне падтрымлівала ў гэты час праект аўтаноміі Віленскага краю, які распрацаваў Конрад Недзялкоўскі. Згодна з ім, да кампетэнцыі Віленскай аўтаноміі адносіліся эканамічныя, культурныя і адміністрацыйныя справы, вырашэнне пытання вайсковага асадніцтва. Афіцыйнымі мовамі Віленшчыны мусілі быць польская і беларуская[82].

Пасля краху спадзяванняў на рэалізацыю ідэі федэрацыі ППС выступала за наданне нацыянальна-культурнай аўтаноміі нацыянальным меншасцям у Польшчы, у тым ліку беларусам. Крытыкаваліся палітыка паланізацыі, закрыццё беларускіх школ і перыядычных выданняў, іншыя факты дыскрымінацыі беларускага насельніцтва[83]. У палітычнай практыцы дзеячы ППС нярэдка выступалі ў саюзе з беларускімі палітычнымі дзеячамі.

У Радамскай праграме 1937 г. ППС абвяшчала права ўсіх нацый на самавызначэнне. Паводле нацыянальнага пытання дэклараваліся наступныя пункты:

"а) поўная роўнасць правоў для ўсіх грамадзян дзяржавы, незалежна ад нацыянальнасці ці рэлігіі;

б) тэрытарыяльная аўтаномія для раёнаў з кампактнай большасцю тых нацый, якія складаюць меншасць па ўсёй дзяржаве, а таксама для раёнаў са змешанымі нацыянальнасцямі;

в) нацыянальна-культурная аўтаномія для меншасцей, раскіданых па ўсёй дзяржаве"[71].

ППС падчас Другой сусветнай вайны

[правіць | правіць зыходнік]

У верасні 1939 г. партыя далучылася да абарончай кампаніі супраць нямецкай агрэсіі. У верасні 1939 г. у шэрагах узброеных фарміраванняў і сярод мірнага насельніцтва загінула каля тысячы членаў ППС[84]. Пасля германскай акупацыі ў 1939 г. партыя перайшла ў падполле, аб’яднаўшыся з некаторымі іншымі сацыялістычнымі групамі, пад назвай ППС — «Свабода, роўнасць, незалежнасць». ППС удзельнічала ў функцыянаванні польскай падпольнай дзяржавы, удзельнічала ў фарміраванні таемных узброеных фарміраванняў і першапачаткова прытрымлівалася пазіцыі, якая адпавядала палітыцы Польскага ўрада ў выгнанні ў Лондане[85].

ППС уключыла свае вайсковыя часткі, Гвардыю Людову, у склад Арміі Краёвай, што складала да 10 % яе арганізацыйнай колькасці. Атрады Гвардыі Людовай актыўна ўдзельнічалі ў Варшаўскім паўстанні ў 1944 годзе. ППС панесла значныя страты ў барацьбе з нацызмам. Загінула каля 2 тыс. членаў партыі, у тым ліку каля 30 прадстаўнікоў партыйнага кіраўніцтва. Большасць з іх былі расстраляныя і забітыя ў нацысцкіх лагерах, але многія таксама загінулі ў савецкіх турмах і лагерах[86].

ППС пасля Другой сусветнай вайны

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Другой сусветнай вайны і ўтварэння Польскай Народнай Рэспублікі ППС фактычна раскалолася. Частка яе членаў арганізавала т.зв. Адроджаную ППС (таксама вядомую як «Люблінская партыя») на чале з Эдвардам Асубкай-Мараўскім і Юзафам Цыранкевічам, якая прымала ўдзел у фарміраванні ўрада ў 1945—1948 гг. Некаторыя актывісты ППС працягвалі падпольную дзейнасць, што прывяло да арыштаў. Частка з іх на чале з Зыгмунтам Жулаўскім у 1945 г. спрабавала легалізавацца, стварыўшы самастойную Польскую сацыял-дэмакратычную партыю, але няўдала.

У снежні 1948 г. на т.зв. аб’яднаўчым з’ездзе ППС была фармальна аб’яднаная (фактычна паглынутая) з камуністычнай Польскай рабочай партыяй у Польскую аб’яднаную рабочую партыю, якая стала правячай у Польскай Народнай Рэспубліцы. На момант аю’яднання ППС налічвала каля 500 тыс. членаў. Значная група былых членаў ППС не была ўключана ў аб’яднаную партыю, бо іх лічылі «правымі» і «апартуністамі»[87]. Пэўная колькасць членаў ППС наогул не падала заявак на ўступленне ў новую партыю.

ППС працягвала сваю дзейнасць у эміграцыі да 1990 г. Яна была прадстаўлена Замежным камітэтам ППС, які ўваходзіў ва ўсе кабінеты міністраў Польскага ўрада ў выгнанні (напрыклад, ва ўрадзе Станіслава Мікалайчыка прадстаўнік ППС Ян Квапінскі займаў пасаду намесніка прэм’ер-міністра, а наступны кабінет міністраў узначаліў сацыяліст Томаш Арцішэўскі)[88].

15 лістапада 1987 г. адбыўся ўстаноўчы з’езд, які абвясціў аб аднаўленні дзейнасці ППС у Польшчы. У 1990 г. з ёй аб’ядналася эмігранцкая ППС[89].

У сучаснай Польскай Рэспубліцы з’яўляецца невялікай партыяй. На парламенцкіх выбарах звычайна ўваходзіць у больш шырокія кааліцыі левых партый. На парламенцкіх выбарах 2023 г. кандыдаты ад ППС удзельнічалі ў блоку левых сіл «Лявіца». Па выніках кіраўнік партыі — Войцех Канечны — быў абраны дэпутатам у Сенат. Са снежня 2023 да верасня 2025 г. ён займаў пасаду намесніка міністра аховы здароўя[90].

  1. Wasilewski L. Zarys dziejów Polskiej Partii Socjalistycznej w związku z historią socjalizmu polskiego w trzech zaborach i na emigracji. — Warszawa, 1925. — S. 32.
  2. а б в Program paryski (1892) — PPS — Polska Partia Socjalistyczna
  3. а б в г Смалянчук А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. — Гродна: ГрДУ, 2001. — С. 130.
  4. а б Wasilewski L. Zarys dziejów Polskiej Partii Socjalistycznej w związku z historią socjalizmu polskiego w trzech zaborach i na emigracji. — Warszawa, 1925. — S. 35.
  5. Żarnowska A. Zasięg, wpływ i baza społeczna PPS w przeddzień rewolucji 1905 r. // Kwartalnik Historyczny. - R. 67. - 1960. - Nr 2. - S 358.
  6. Wasilewski L. Zarys dziejów Polskiej Partii Socjalistycznej w związku z historią socjalizmu polskiego w trzech zaborach i na emigracji. — Warszawa, 1925. — S. 40, 57.
  7. а б в Смалянчук А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. — Гродна: ГрДУ, 2001. — С. 131.
  8. Wasilewski L. Zarys dziejów Polskiej Partii Socjalistycznej w związku z historią socjalizmu polskiego w trzech zaborach i na emigracji. — Warszawa, 1925. — S. 41.
  9. Wasilewski L. Zarys dziejów Polskiej Partii Socjalistycznej w związku z historią socjalizmu polskiego w trzech zaborach i na emigracji. — Warszawa, 1925. — S. 55.
  10. Wasilewski L. Zarys dziejów Polskiej Partii Socjalistycznej w związku z historią socjalizmu polskiego w trzech zaborach i na emigracji. — Warszawa, 1925. — S. 59.
  11. Wasilewski L. Zarys dziejów Polskiej Partii Socjalistycznej w związku z historią socjalizmu polskiego w trzech zaborach i na emigracji. — Warszawa, 1925. — S. 61.
  12. Wasilewski L. Zarys dziejów Polskiej Partii Socjalistycznej w związku z historią socjalizmu polskiego w trzech zaborach i na emigracji. — Warszawa, 1925. — S. 62.
  13. Смалянчук А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. — Гродна: ГрДУ, 2001. — С. 132.
  14. Wasilewski L. Zarys dziejów Polskiej Partii Socjalistycznej w związku z historią socjalizmu polskiego w trzech zaborach i na emigracji. — Warszawa, 1925. — S. 110—114.
  15. Смалянчук А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. — Гродна: ГрДУ, 2001. — С. 135.
  16. Świętek R. Lodowa ściana: sekrety polityki Józefa Piłsudskiego 1904–1918. - Kraków, 1998. - S. 251.
  17. Demonstracja PPS na Placu Grzybowskim w Warszawie — 1904 rok | dzieje.pl — Historia Polski
  18. https://wielkahistoria.pl/jozef-pilsudski-w-japonii-po-co-pojechal-na-drugi-koniec-swiata-i-co-udalo-mu-sie-zalatwic
  19. Wasilewski L. Zarys dziejów Polskiej Partii Socjalistycznej w związku z historią socjalizmu polskiego w trzech zaborach i na emigracji. — Warszawa, 1925. — S. 157.
  20. Abryszewski P. Niepodległość czy socjalizm? - Warszawa, 2018. - S. 9.
  21. Wasilewski L. Zarys dziejów Polskiej Partii Socjalistycznej w związku z historią socjalizmu polskiego w trzech zaborach i na emigracji. — Warszawa, 1925. — S. 163—164.
  22. Wasilewski L. Zarys dziejów Polskiej Partii Socjalistycznej w związku z historią socjalizmu polskiego w trzech zaborach i na emigracji. — Warszawa, 1925. — S. 168.
  23. Wasilewski L. Zarys dziejów Polskiej Partii Socjalistycznej w związku z historią socjalizmu polskiego w trzech zaborach i na emigracji. — Warszawa, 1925. — S. 170—171.
  24. Wasilewski L. Zarys dziejów Polskiej Partii Socjalistycznej w związku z historią socjalizmu polskiego w trzech zaborach i na emigracji. — Warszawa, 1925. — S. 173—174.
  25. Wasilewski L. Zarys dziejów Polskiej Partii Socjalistycznej w związku z historią socjalizmu polskiego w trzech zaborach i na emigracji. — Warszawa, 1925. — S. 177.
  26. 15 sierpnia. W 1906 roku miała miejsce krwawa środa, kiedy polscy rewolucjoniści zabili ponad 70 carskich policjantów | TwojaHistoria.pl
  27. Lada W. Polscy terroryści. — Kraków, 2014. — S. 273.
  28. https://wyborcza.pl/alehistoria/7,121681,24639901,wojna-polsko-polska-juz-raz-sie-zdarzyla-zapomnielismy-ze.html
  29. https://wspolnotapolska.org.pl/historia/walka/001.php
  30. Ładyka Т. Polska Partia Socjalistyczna (Frakcja Rewolucyjna) w latach 1906—1914, Warszawa 1972. — S. 40.
  31. Литвиненок Р. С. Социал-патриотическое направление в польском общественно-политическом движении в Беларуси и Литве на рубеже ХІХ-ХХ вв. // «Долгий ХІХ век» в истории Беларуси и Восточной Европы: исследования по новой и новейшей истории. — Вып. 3. — Минск: РИВШ, 2019. — С. 157—163.
  32. Коўкель І.І. Узнікненне першых палітычных партый на тэрыторыі Беларусі, іх асноўныя ідэйныя накірункі // Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) / рэдкал.: І.І. Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009. – С. 11-35.
  33. а б в Смалянчук А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. — Гродна: ГрДУ, 2001. — С. 132—133.
  34. Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. — 2-е выданне. — Вільня, 2008. — С. 22-30, 41-43.
  35. Гісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005. — С. 308—310.
  36. а б Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. — 2 выданне. — Вільня, 2008. — С. 59-60.
  37. а б Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. — 2-е выданне. — Вільня, 2008. — С. 55-65.
  38. Смалянчук А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. — Гродна: ГрДУ, 2001. — С. 135.
  39. Гісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005. — С. 316.
  40. а б Смалянчук А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. — Гродна: ГрДУ, 2001. — С. 136.
  41. Dokumenty programowe polskiego ruchu robotniczego 1878—1984. — Warszawa, 1986. — S. 69.
  42. Wasilewski L. Zarys dziejów Polskiej Partii Socjalistycznej w związku z historią socjalizmu polskiego w trzech zaborach i na emigracji. — Warszawa, 1925. — S. 187—189.
  43. Ajnenkiel Е. Kronika bojowa PPS (Frakcji Rewolucyjnej) w roku 1907 // Kronika Ruchu Rewolucyjnego w Polsce, nr 2(10) z 1937 r.
  44. Bezdany: akcja czterech premierów i czterech dam. Ale o tych ostatnich historia zapomniała
  45. Ładyka Т. Polska Partia Socjalistyczna (Frakcja Rewolucyjna) w latach 1906–1914, Warszawa 1972.
  46. Dokumenty programowe polskiego ruchu robotniczego 1878—1984 / рod red. N. Kołomejczyka i B. Syzdka; wybór i oprac. J. Jakubowski, A. Kochański, W. Kowalski. — Warszawa: Książka i Wiedza, 1986. — S. 58-59.
  47. Wasilewski L. Zarys dziejów Polskiej Partii Socjalistycznej w związku z historią socjalizmu polskiego w trzech zaborach i na emigracji. — Warszawa, 1925. — S. 189—192.
  48. Николаев А. Б. Ягелло, Евгений Юзефович (Иосифович) // Государственная дума Российской империи: 1906—1917 / Б. Ю. Иванов, А. А. Комзолова, И. С. Ряховская. — Москва: РОССПЭН, 2008. — C. 721.
  49. Wasilewski L. Zarys dziejów Polskiej Partii Socjalistycznej w związku z historią socjalizmu polskiego w trzech zaborach i na emigracji. — Warszawa, 1925. — S. 213.
  50. Cмалянчук А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. — Гродна: ГрДУ, 2001. — С. 267.
  51. Pukszto A. Między stołecznością a partykularyzmem. Wielonarodowościowe społeczeństwo Wilna w latach 1915—1920. — Toruń: Adam Marszałek, 2006. — S. 37-38.
  52. Wasilewski L. Zarys dziejów Polskiej Partii Socjalistycznej w związku z historią socjalizmu polskiego w trzech zaborach i na emigracji. — Warszawa, 1925. — S. 217.
  53. История Польши. — Т. 2. / под ред. И. С. Миллера и И. А. Хренова. — Москва: Изд-во АН СССР, 1955. — С. 651.
  54. История Польши. — Т. 3. / под ред. Ф. Г. Зуева, А. Я. Манусевича и И. А. Хренова. — Москва: Изд-во АН СССР, 1958. — С. 20-22.
  55. История Польши. — Т. 3. / под ред. Ф. Г. Зуева, А. Я. Манусевича и И. А. Хренова. — Москва: Изд-во АН СССР, 1958. — С. 34-38.
  56. История Польши. — Т. 3. / под ред. Ф. Г. Зуева, А. Я. Манусевича и И. А. Хренова. — Москва: Изд-во АН СССР, 1958. — С. 47-48.
  57. https://historia.org.pl/2023/11/05/rzad-jedrzeja-moraczewskiego-1918-1919-i-jego-przelomowe-reformy-ktore-przetrwaly-do-dzisiaj
  58. Bitner Н. Rady Delegatów Robotniczych w Polsce w 1918—1919 r. — Moskwa: Wydawnictwo Partyjne. Instytut Marksa-Engelsa-Lenina przy KC WKP(b), 1934. — S. 10.
  59. Bardach J., Leśnodorski B., Pietrzak M. Historia ustroju i prawa polskiego, red. E. Rychcik. - Warszawa: Wydawnictwo Naukowe PWN, 1993. - S. 493.
  60. Leinwand A. Polska Partia Socjalistyczna wobec wojny polsko-radzieckiej 1919–1920. - Warszawa: Państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1964. - S. 213-215.
  61. https://sciaga.pl/tekst/156008-157-polska-partia-socjalistyczna-pps
  62. История Польши. — Т. 3. / под ред. Ф. Г. Зуева, А. Я. Манусевича и И. А. Хренова. — Москва: Изд-во АН СССР, 1958. — С. 185.
  63. https://trybuna.info/polska/nie-tylko-narutowicz-pamietamy-o-kaluszewskim
  64. История Польши. — Т. 3. / под ред. Ф. Г. Зуева, А. Я. Манусевича и И. А. Хренова. — Москва: Изд-во АН СССР, 1958. — С. 261.
  65. Hass L. PPS Lewica 1926-1931 // Najnowsze Dzieje Polski, 1914-1939. - T. 4. - 1961. - S. 59-99.
  66. Nartonowicz-Kot M. Powstanie i działalność Polskiej Partii Socjalistycznej Frakcja Rewolucyjna w Łodzi i okręgu (1928-1939) // Acta Universitatis Lodziensis. Folia Historica. - T. 60. - 1997. - S. 61-78.
  67. Rzepecki T., Rzepecki K. Sejm i Senat 1928-1933: podręcznik zawierający wyniki wyborów w województwach, okręgach i powiatach, podobizny posłów sejmowych i senatorów, statystyki i mapy poglądowe. - Poznań, 1928. - S. 229-230, 242-245.
  68. https://historia.org.pl/2024/01/09/proces-brzeski-bohaterowie-niepodleglosci-wiezniami-politycznymi-pilsudskiego
  69. https://www.wbc.poznan.pl/Content/158974/PDF/11.%20Rozbicie%20opozycji%20i%20_zwycięstwo_%20wyborcze%20BBWR%20w%201930%20roku.pdf
  70. История Польши. — Т. 3. / под ред. Ф. Г. Зуева, А. Я. Манусевича и И. А. Хренова. — Москва: Изд-во АН СССР, 1958. — С. 380.
  71. а б https://ppspl.eu/o-nas/historia/program-radomski
  72. https://1wrzesnia39.pl/39p/artykuly/51253,Poczatki-konspiracji-socjalistycznej-PPS-WRN.html
  73. а б Гамулка К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў 1918-1922. - Вільня, 2008. - C. 29-30.
  74. Гамулка К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў 1918-1922. - Вільня, 2008. - C. 50.
  75. Гамулка К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў 1918-1922. - Вільня, 2008. - C. 50.
  76. а б Гамулка К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў 1918-1922. - Вільня, 2008. - C. 51-52.
  77. Гамулка К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў 1918-1922. - Вільня, 2008. - C. 108.
  78. Błażejczyk P. Koncepcje przynależności Wileńszczyzny i kultura dyskusji na forum obrad Sejmu Wileńskiego od 4 lutego 1 marca 1922 r. // Miscellanea Historico-Iuridica. - T. 15. - 2016. - Z. 2. - S. 301-315.
  79. Do ludności Litwy Środkowej. „Dziennik Urzędowy Tymczasowej Komisji Rządzącej”, s. 1-2, Nr 1 z 17 listopada 1920. Tymczasowa Komisja Rządząca.
  80. Wybory do sejmu w Wilnie 8 stycznia 1922: oświetlenie akcji wyborczej i jej wyników na podstawie źródeł urzędowych. - Wilno: Generalny Komisarjat Wyborczy, 1922. - S. 121-123.
  81. Sejm Wileński 1922: przebieg posiedzeń według sprawozdań stenograficznych w opracowaniu kancelarji sejmowej. - Wilno: Wydawnictwo Księgarni Józefa Zawadzkiego, 1922. - S. 10-12.
  82. Гамулка К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў 1918-1922. - Вільня, 2008. - C. 182.
  83. Гамулка К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў 1918-1922. - Вільня, 2008. - C. 201/
  84. Dunin-Wąsowicz K. Polski ruch socjalistyczny w walce z hitleryzmem // Gwardia Ludowa w perspektywie historycznej. W 60 rocznicę jej powstania. - Warszawa, 2003. - S. 46.
  85. https://1wrzesnia39.pl/39p/artykuly/51253,Poczatki-konspiracji-socjalistycznej-PPS-WRN.html
  86. Dunin-Wąsowicz K. Polski ruch socjalistyczny w walce z hitleryzmem // Gwardia Ludowa w perspektywie historycznej. W 60 rocznicę jej powstania. - Warszawa, 2003. - S. 52.
  87. Kołomejczyk N. Polityka PZPR w latach 1949–1955 // Polska Zjednoczona Partia Robotnicza 1948–1986, red. Z. Szkoda. - Warszawa: Instytut Historii Ruchu Robotniczego Akademii Nauk Społecznych PZPR, Książka i Wiedza, Robotnicza Spółdzielnia Wydawnicza „Prasa-Książka-Ruch”, 1988. - S. 54.
  88. Stefanowski R. Polska Partia Socjalistyczna na emigracji. - Kraków: Wydaw. Naukowe WSP, 1996.
  89. Polska Partia Socjalistyczna i jej reaktywacja | Portal historyczny Histmag.org - historia dla każdego!
  90. Nowy wiceminister powołany. Jego partia nie była w rządzie od 75 lat
  • Гамулка К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў 1918—1922. — Вільня, 2008.
  • Гісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005.
  • Забаўскі М. М., Кадзіра У. М. Польская сацыялістычная партыя ў Літве // Европа: актуальные проблемы этнокультуры: материалы VІІ междунар. науч.-теорет. конф., (г. Минск, 21 января 2013 г.). — Минск, 2014.
  • Коўкель І. І. Узнікненне першых палітычных партый на тэрыторыі Беларусі, іх асноўныя ідэйныя накірункі // Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ — пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) / рэдкал.: І. І. Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. — Гродна: ГрДУ, 2009. — С. 11-35.
  • Литвиненок Р. С. Социал-патриотическое направление в польском общественно-политическом движении в Беларуси и Литве на рубеже ХІХ-ХХ вв. // «Долгий ХІХ век» в истории Беларуси и Восточной Европы: исследования по новой и новейшей истории. — Вып. 3. — Минск: РИВШ, 2019. — С. 157—163.
  • Смалянчук А. Ф. Палякі Беларусі і Літвы ў рэвалюцыі 1905—1907 гг. — Гродна: Ратуша, 2000.
  • Cмалянчук А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. — Гродна: ГрДУ, 2001.
  • Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. — 2 выданне. — Вільня, 2008.
  • Dokumenty programowe polskiego ruchu robotniczego 1878—1984 / рod red. N. Kołomejczyka i B. Syzdka; wybór i oprac. J. Jakubowski, A. Kochański, W. Kowalski. — Warszawa: Książka i Wiedza, 1986.
  • Grünberg K., Kozłowski Cz. Historia polskiego ruchu robotniczego. — Warszawa: Książka i Wiedza, 1962.
  • Holzer J. Polska Partia Socjalistyczna w latach 1917—1919. — Warszawa: PWN, 1962.
  • Ładyka Т. Polska Partia Socjalistyczna (Frakcja Rewolucyjna) w latach 1906—1914, Warszawa 1972.
  • Łukawski Z. Polacy w rosyjskim ruchu rewolucyjnym 1894—1907. — Warszawa, 1984.
  • Pukszto A. Między stołecznością a partykularyzmem. Wielonarodowościowe społeczeństwo Wilna w latach 1915—1920. — Toruń: Adam Marszałek, 2006.
  • Stefanowski R. PPS 1892—1992. — Warszawa: Książka i Prasa, 1992.
  • Stefanowski R. Polska Partia Socjalistyczna na emigracji. — Kraków: Wydaw. Naukowe WSP, 1996.
  • Szuszkiewicz B. Organizacja Grodzieńska PPS w latach 1898—1910 // Niepodległość. — T. 16. — 1937.
  • Tomicki J. Polska Partia Socjalistyczna 1892—1948. — Warszawa: Książka i Wiedza, 1983.
  • Wasilewski L. Zarys dziejów Polskiej Partii Socjalistycznej w związku z historią socjalizmu polskiego w trzech zaborach i na emigracji. — Warszawa, 1925.
  • Żarnowski J. Polska Partia Socjalistyczna w latach 1935—1939, Warszawa, 1965.